Centrum

„Бардаўская восень” зноў шукае таленты!

[Адбор у конкурс для выканаўцаў з Беларусі]

Фестываль беларускай ды аўтарскай песні "Бардаўская Восень" пачынае прыём заявак на сёлетнюю конкурсную праграму. Як і штогод, музыкі розных стыляў могуць паспрабаваць сябе ў адным са старэйшых песенных конкурсаў беларускай сцэны. Свае акустычныя выступы для журы і менскай публікі змогуць прэзентаваць як сольныя выканаўцы, так і гурты ў акустычных складах. Адзінымі ўмовамі ўдзелу ў адборачным канцэрце фестываля з’яўляецца паўнагадовы ўзрост выступоўцаў ды песні на беларускай мове. Найлепшыя з выступоўцаў менскага адборачнага канцэрту пазмагаюцца за гран-пры фестываля ў Бельску Падляшскім у Польшчы - галоўнай фестывальнай сцэне „Бардаўскай восені”.

Каб далучыцца да сёлетніх канкурсантаў дастаткова даслаць заяўку на адрас vosien2016@gmail.com не пазней 16 верасня. Адборачны канцэрт сёлетняга фестывалю адбудзецца ў менскім клубе „ILI” 18 верасня ў 18:00. Апроч канкурсантаў на канцэрце выступяць спецыяльныя музычныя госці, якіх арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце.

„Бардаўская восень” не змяняе сваім прынцыпам ужо больш за 20 год, спалучаючы традыцыі бард-выканаўцаў з актуаліямі беларускай музыкі. На сцэне фестываля ў розныя гады з’яўляліся найгучнейшыя імёны, сярод якіх Лявон Вольскі, Алег Хаменка, Кася і Алесь Камоцкія, Зміцер Вайцюшкевіч, гурты „N.R.M.”, „B.N.”, праект „Народны альбом”. Але галоўнай падзеяй фестывалю штогод была і застаецца конкурсная праграма, мэта якой адкрыць і падтрымаць новыя імёны беларускай аўтарскай песні. Сярод мінулагодніх лаўрэатаў конкурсу Паліна Рэспубліка, Яўген Барышнікаў, Аляксандр Ясінскі, гурты „Re1ikt”, „Нельга забыць” і іншыя.

Усе пытанні, якія датычацца самога фестывалю і адборачнага туру ў Беларусі, мона задаваць каардынатару фестываля ў Беларусі: Алесь Кот-Зайцаў - tel. +48 511 527 544, +375 29 960 58 29, e-mail: vosien2016@gmail.com